ЗАНА́ЛЬНАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ,

прыродная расліннасць, якая характарызуе адпаведныя біёмы (тундра, тайга, стэп, пустыня і інш. прыродны паясы і зоны). Займае найб. тыповыя мясціны: роўныя, узвышаныя, добра дрэнажаваныя водападзельныя плато (плакоры). У прыродных зонах з Пн на Пд у залежнасці ад складу і будовы расліннасці вылучаюць падзоны (напр., у стэпавай зоне — лугавых, сапраўдных і апустыненых стэпаў). Мяняецца і з 3 на У (напр., яловыя лясы Еўропы ў Сібіры замяшчаюцца лістоўнічнымі). Трапляецца і за межамі асн. зоны, на асабліва спрыяльных мясцінах, утварае экстразанальную расліннасць. Неаднароднасць рэльефу і звязаныя з гэтым змены глеб і ўмоў увільгатнення выклікаюць з’яўленне інтразанальнай расліннасці. Прыродная З.р. захавалася пераважна ў запаведніках (напр., тыповыя яловыя лясы Сярэднярускага ўзвышша ў Цэнтральналясным запаведніку, кавыльныя стэпы ў Асканіі-Нова, пустыні ў Рэпетэкскім запаведніку).

т. 6, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)